ГАРАДЗЕ́ЦКІ ПРЫГО́ННЫ КВАРТЭ́Т У.Г.КАСТРЫЁТА-СКАНДЭРБЕ́КА Існаваў у канцы 1840—50-я г. Створаны кампазітарам-аматарам У.​Г.​Кастрыёта-Скандэрбекам

(блізкі сябра М.​Глінкі і А.​Даргамыжскага) у яго маёнтку Гарадзец на Магілёўшчыне з прыгонных сялян, прафесійна падрыхтаваных ням. скрыпачом Бекерам. У склад квартэта ўваходзілі С.​Іваноў (1-я скрыпка),

М.​Міхайлаў (2-я скрыпка), В.​Андрэеў (альт), К.​Васільеў (віяланчэль). Ансамбль меў вял. рэпертуар. Пра высокі ўзровень яго выканальніцкага майстэрства сведчыць выкананне ўсіх 16 квартэтаў Л.​Бетховена, апошнія з якіх — найскладанейшыя творы сусв. квартэтнай л-ры. Квартэт пад кіраўніцтвам свайго ўладара вёў шырокую канцэртную дзейнасць на Магілёўшчыне; у 1858 тройчы выступаў у Магілёве з выкананнем твораў В.​А.​Моцарта і Бетховена.

Літ.:

Skrobecki L. Korespondencia z Mohilewa nad Dnieprem // Ruch muzyczny. 1858. № 27.

А.​Л.​Капілаў.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)